ПРЫВАТЫЗАЦЫЯ ЖЭСаў – ВЫЙСЦЕ ЦІ ПАЎМЕРА?

Ва ўсе часы існавання Савецкай улады, дзяржава пакідала за сабой функцыю “бацькоўскага клопату” аб кожным чалавеку ў забяспячэнні яго жыллём. Людзі старэйшага пакалення памятаюць славутую праграму часоў Савецкага Саюза “Кожнай савецкай сям’і да 2000 года асобную кватэру”, або яшчэ ранейшую падобную праграму, якія так і засталіся нявыкананымі.

Падобная тэндэнцыя была захаваная і ў незалежнай Беларусі. Да 2003 года ў краіне дзейнічала Нацыянальная жыллёвая праграма. Але яна была прызнана не адпавядаючай эканамічным рэаліям таго часу, і на змену ёй была прынята Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №943 ад 14 ліпеня 2003 году “Аб Канцэпцыі развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь да 2015 года”.

Асноўная мэта дадзенай Канцэпцыі – стварэнне эканамічных, прававых , арганізацыйных умоваў для безстратнага функцыянаваня, далейшага развіцця і рэфармавання ЖКГ , скіраваных на павышэнне эфектыўнасці, надзейнасці функцыянавання сістэм жыццязабяспячэння насельніцтва, паляпшэння якасці прадастаўляемых паслуг з адначасовым зніжэннем страт на іх вытворчасць, забяспячэнне сацыяльнай абароны насельніцтва.

Рэалізацыя Канцэпцыі планавалася ў тры этапы.

На першым этапе (2004 – 2006 гады) у сферы эксплуатацыі камунальных аб’ектаў прадугледжвалася правядзення шэрагу рэформаў. Як, напрыклад:

-стварэнне ўмоваў для фармавання канкурэнцыі па аказанню жыллёва-камунальных паслугаў (стварэнне прыватных і прыватызацыя існуючых арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі).

-ажыццяўленне пераходу на фармаванне дагаварных адносін у першую чаргу на конкурснай аснове ў сферы жыллёва-камунальнага абслугоўвання.

-сфармаванне умоваў для стварэння новых арганізацыйных форм эксплуатацыі жыллёвага фонда (сумесныя домаўладанні, таварыствы ўласнікаў, перадача на грамадскае зберажэнне на дабраахвотных пачатках жыхарам дамоў месцаў агульнага карыстання і сістэм інжынернага абсталявання).

-зніжэнне стратнасці гаспадарання за кошт скарачэння кіруючага персаналу і аптымізацыі кіруючых структур у цэнтры і на месцах.

На другім этапе (2006-2010 гады) намячалася:

-давесці долю жыллёвага фонду, абслугоўваемага на конкурснай аснове, да 60% шляхам стварэння прыватных кампаній, у тым ліку таварыстваў уласнікаў, прыватызацыі арганізацый ЖКГ.

Трэці этап (2011-2015 гады) прадугледжвае:

-давесці долю жыллёвага фонду, абслугоўваемага на конкурснай аснове, да 100% шляхам стварэння прыватных арганізацый у большасці з формай упраўлення шматкватэрнымі жылымі дамамі – таварыствамі ўласнікаў;

-завяршыць, у асноўным, перавод ЖКГ на работу ў рэжыме безстратнага функцыянавання з улікам пераходу на поўную аплату насельніцтвам страт на ўтрыманне і рамонт жылых памяшканняў, камунальных паслугаў пры забяспячэнні адраснай сацыяльнай абароны насельніцтва;

-у мэтах пашырэння інвестыцыйнай і інавацыйнай дзейнасці ў рэалізацыі высокарэнтабельных праектаў рэканструкцыі і развіцця ЖКГ, паляпшэння работы па збору плацяжоў ад насельніцтва, забяспечыць стварэнне рэспубліканскага банка ЖКГ;

-распрацаваць і ажыццявіць механізм абавязковага страхавання жылых памяшканняў у шматкватэрных жылых дамах;

-завяршыць, у асноўным, работы па мадэрнізацыі і цеплавой рэабілітацыі буйнапанэльных жылых дамоў першых масавых серый у рамках выканання пастановы Савета Міністраў РБ ад 17 студзеня 2003 г. №45;

Асобным пунктам у Канцэпцыі прадугледжан працэс развіцця і рэфармавання ЖКГ на сяле з улікам яе асаблівасцей.

У рамках рэалізацыі Канцэпцыі Урадам краіны былі прыняты і зацверджаны для выканання разнастайныя пастановы і праграмы. Так, напрыклад, Пастановай Савета Міністраў РБ №720 ад 7 чэрвеня 2006 года была зацверджана Праграма развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2006-2010 гады. Праграма распрацавана ў звязку з Канцэпцыяй развіцця ЖКГ з улікам тагачаснага стану жыллёва-камунальнай гаспадаркі, які характыразаваўся нездавальняючым фінансавым палажэннем, адносна высокімі стратамі на вытворчасць і прадастаўленне паслугаў, адсутнасцю эканамічных стымулаў зніжэння страт, адсутнасцю канкурэнцыі, што ў свой час сказвалася на якасці і своечасовасці паслуг.

У 2000-2005 гадах рост тарыфаў для насельніцтва на жыллёва-камунальныя паслугі яўна апярэджваў агульны паказчык інфляцыі. Пры росце спажывецкіх коштаў за 2000-2005 гады ў 6,1 разы, тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі, уключаючы электра- і газазабяспячэнне, павялічылісь у 50,7 разоў. Найбольш хуткімі тэмпамі раслі тарыфы на ацяпленне, тэхнічнае абслугоўванне жылфонда, электразабяспячэнне.

У выніку ўзровень пакрыцця плацяжамі насельніцтва страт на прадастаўленыя жыллёва-камунальныя паслугі, акрамя электра- і газазабяспячэння, для стандартнай двухпакаёўкі, узрос з 12% у 2000 годзе да 42,4% у 2005.

Разам з тым доля жыллёва-камунальных паслугаў у спажывецкіх расходах насельніцтва ўзрасла з 3% да 9,1%.

Прыярытэтнымі накірункамі рэфармавання і развіцця жыллёвай гаспадаркі краіны на 2006-2010 гады згодна Праграмы станавіліся:

-павышэнне узроўню пакрыцця тарыфамі страт на прадастаўленне паслуг для насельніцтва шляхам збліжэння тарыфаў з сабекоштам  па рэгулюемых паслугах згодна з дынамікай росту прыбыткаў насельніцтва, а таксама павелічэнне долі паслуг, аказваемых на дагаварной платнай аснове;

-дэманапалізацыя жыллёвай гаспадаркі шляхам падзялення функцый упраўлення і абслугоўвання жыллёвага фонду, стварэнне канкурэнцыі паміж арганізацыямі;

-рэфармаванне сістэмы фінансавання бягучага і капітальнага рамонту жыллёвага фонду;

-цеплавая мадэрнізацыя жыллёвага фонду;

Пры зацвярджэнні дадзенай праграмы, ва Урада краіны існавала разуменне сітуацыі, што ня гледзечы на арганізацыйныя асаблівасці ЖКГ, што заключаюцца ў агульнай інфраструктуры, пры якой уласнік жылля не мае магчымасці самастойна, аднаасобна выбраць пастаўшчыка паслугаў, існуюць і шэраг суб’ектыўных прычынаў, якія стрымліваюць рэфармаванне і развіццё сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі:

-манапалізм камунальных арганізацый, адсутнасць канкурэнцыі паміж вытворцамі ў сферы ЖКГ;

-нізкі ўзровень грамадзянска-прававых механізмаў кантролю і адказнасці за колькасцю і якасцю аказваемых паслугаў не дазваляюць эфектыўна абараняць інтарэсы спажыўцоў;

-у краіне не развіваецца працэс перадачы жылых дамоў ва ўпраўленне таварыствам ўласнікаў, да гэтай пары не адпрацаваны механізмы эканамічнай матывацыі, дазваляючыя ўласнікам праз створаныя імі аб’яднанні цалкам рэалізоўваць законныя правы па ўпраўленню нерухомасцю і браць на сябе адказнасць за яго эксплуатацыю і захаванасць;

-існуе праблема высокай фізічнай і маральнай амартызацыі жаллёва-камунальнай інфраструктуры, пры гэтым сельскі жылы фонд па добраўпарадкаванасці значна саступае гарадскому: вадаправодам і каналізацыяй абсталявана толькі трэцяя частка сельскага жылля, а душам або ваннай і таго менш;

Для забяспячэння паспяховага выканання дадзенай Праграмы планавалася выдзялення фінансавых сродкаў у памеры 12 826,2 млрд. руб.

Крыніцамі фінансавання мерапрыемстваў Праграмы з’яўляліся рэспубліканскій і мясцовыя бюджэты, інавацыйныя фонды, сродкі арганізацый ЖКГ, уключаючы пазыкі, іншыя рэсурсы. З мэтай рашэння пытання па прыцягненню фінансавых рэсурсаў прадугледжваліся захады па зніжэнню рызыкі інвеставання праз стварэнне адпавядаючай заканадаўчай базы. Для гэтага планавалася падрыхтаваць і прыняць нарматыўныя прававыя акты, якія бы прадугледжвалі :

-унясенне зменаў і дапаўненяў у Інвестыцыйны кодэкс, якія тычацца перадачы і стварэння аб’ектаў інфраструктуры ЖКГ на аснове канцэсійных дагавароў;

-унясення зменаў і дапаўненняў у Жыллёвы кодэкс, якія тычацца стварэння рыначных адносін у жыллёвай сферы і рэгламентацыі прадастаўлення жыллёва-камунальных паслуг;

-зацвярджэнне формы тыпавой дамовы паміж уласнікам жыллёвага фонду і ўпаўнаважанай асобай, прызначанай мясцовым выканаўчым і распарадчым ворганам, на ўпраўленне нерухомасцю сумеснага домаўладання, тэхнічнае абслугоўванне і рамонт агульнай маёмасці жылога дома, прадастаўленне камунальных паслугаў;

-зацвярджэнне формы тыпавой дамовы паміж упаўнаважанай асобай па кіраванню нерухомасцю (арганізацыяй грамадзян забудоўшчыкаў, таварыствам уласнікаў) і падраднай арганізацыяй (пераможцам конкурсу) на тэхнічнае абслугоўванне і рамонт агульнай маёмасці сумеснага домаўладання і прадастаўлення камунальных паслуг;

-зацвярджэнне палажэння аб правядзенні капітальнага рамонту сумеснага домаўладання з прыцягненнем заёмных сродкаў, у якім будуць вызначаны парадак прыцягнення заёмных сродкаў на правядзенне капітальнага рамонту, парадак выдзялення бюджэтных асігнаванняў на правядзенне работ па капітальнаму рамонту жыллёвага фонду пры яго выкананні за кошт заёмных сродкаў.

Пры распрацоўцы і зацвярджэнні праграмы Савет Міністраў улічваў, што існуючая ў той час сістэма фінансавання капітальнага рамонту неэфектыўна з-за адсутнасці ўліку збораў па кожнаму асобнаму рахунку . Для ажыццяўлення новага механізма меркавалася на працягу 2006-2007 гадоў падрыхтаваць магчымасць распрацоўкі і ажыццяўлення сістэмы фінансавання капітальных рамонтаў з улікам склаўшайся сістэмы крыдытавання будаўніцтва жылля.

У цяперашні час больш 80% жыллёвага фонду краіны знаходзіцца ў прыватнай уласнасці. Практычна ўсе шматкватэрныя жылыя дамы

маюць статус сумесных домаўладанняў (наяўнасць двух і больш уласнікаў) і знаходзяцца на балансах мясцовых выканаўчых і распарадчых ворганаў. Згодна з Законам РБ ад 8 студзеня 1998 года “Аб сумесным домаўладанні” ў грамадзян фармальна з’явілась магчымасць выбара формы ўпраўлення комплексам нерухомасці праз стварэнне таварыстваў уласнікаў або іншых метадаў упраўлення.

Праблемы ЖКГ традыцыйна з’яўляліся аднымі з самых вострых. Праца супрацоўнікаў ЖЭСаў традыцыйна выклікала нямала нараканняў у грамадзян: дзесьці кульгала матывацыя, дзесьці прафесіяналізм або проста культура зносін. Скарг аб’ектыўных і суб’ектыўных заўсёды было і ёсць шмат. Канкурэнцыя, па задуме чыноўнікаў, павінна была прымусіць таго ж сантэхніка прыйсці ў патрэбны для заказчыка час, усміхнуцца з парога і ліквідаваць паломку сумленна. Тарыфы на адпаведныя паслугі, па ідэі, павінны былі пайсці ўніз.

Абслугоўванне жыллёвага фонду на конкурснай аснове, увогуле – еўрапейская практыка. Значная колькасць жыллёвага фонду аб’яднана ў таварыствы ўласнікаў, вось толькі канкурэнцыя ў сферы камунальных паслуг на парадак вышэйшая. У кожным сегменце дзейнічаюць дзясяткі арганізацый, і жыхарам толькі прыходзіцца выбіраць найбольш выгадныя тарыфы. І, нават, так званы хаус-майстар у пошуках кліента здольны не толькі адрамантаваць кран або разетку, але нават павесіць люстру і выканаць фактычна любую работу дома.

Аднак форма ўпраўлення нерухомасцю праз стварэнне таварыстваў уласнікаў адпаведнай падтрымкі ў насельніцтва нашай краіны не атрымала, хоць знешне выглядае, што бар’ераў для яе развіцця з прававога пункту гледжання няма. Ды і згодна Канцэпцыі развіцця ЖКГ, прынятых да выканання розных праграмаў развіцця і рэфармавання ЖКГ краіны, выглядае, што Урад імкнецца да увядзення новых формаў ва ўпраўленні жыллём. Напачатку 2006 году ў краіне існавала толькі 337 таварыстваў уласнікаў. У асноўным яны былі створаны ў новабудоўлях.

Зараз у Беларусі на балансе дзяржаўных ЖЭУ знаходзіцца 97 працэнтаў жылых дамоў, каля трох працэнтаў займаюць іншыя формы кіравання – ТУ, КІЗы, ЖБК  і інш. І толькі зусім невялікую частку, каля двух дзесяткаў, займаюць прыватныя кіруючыя кампаніі.  Найбольшая колькасць прыватных кампаній па абслугоўванні жылых дамоў (больш за 10) знаходзіцца ў Магілёве. Адна з самых папулярных у магіляўчан — ААТ “ЖылЭкспА”. На балансе “ЖылЭкспА” цяпер 37 дамоў. Дзеючыя ў Магілёве прыватныя кампаніі па абслугоўванню жылля, ТУ, ЖБК ствараюць рэальную канкурэнцыю дзяржаўным ЖРЭУ і ЖЭСам. Гэта яскрава адчуваецца пры размовах і сустрэчах з чыноўнікамі ЖКГ рознага ўзроўню; ад Магілёўскага абласнога ўпраўлення да простага ЖЭС. Сярод таварыстваў уласнікаў, дзеючых у Магілёве, асноўную частку складаюць ТУ заснаваныя жыхарамі аднаго дома, і, у першую чаргу, гэта дамы пабудаваныя ў апошняе дзесяцігоддзе. Па якасці абслугоўвання і ўтрымання, як па знешнему выгляду фасадаў, прылягаючых тэрыторый, унутранаму выгляду пад’ездаў гэтыя дамы значна выдзяляюцца ў лепшы бок ад суседніх, абслугоўваемых дзяржаўнымі ЖЭСамі. І гэта пры тым, што ТУ не атрымоўваюць дзяржаўныя датацыі па памерах ў той колькасці, колькі выдзяляецца сродкаў на раўназначныя  жылыя дамы, абслугоўваемыя ЖЭСамі. У Магілёве ёсць нават прыклады, дзе ТУ ўтрымліваюць свае дамы цалкам за кошт жыхароў. Адным з такіх ТУ з’яўляецца ТУ “Ібіца”, створанае жыхарамі 90-кватэрнага дома па вул.Сурганава, 12. Дом здадзены ў эксплуатацыю ў 2003 годзе. У гэтым жа годзе жыхарамі і было прынята рашэнне па стварэнню ТУ.  З 2003 года ўсе эксплуатацыйныя расходы па ўтрыманню дома, аплату камунальных паслугаў цалкам узялі на сябе жыхары дома. З пачатку ўвядзення дома ў эксплуатацыю, ТУ “Ібіца” не атрымала з дзяржбюджэту на пакрыццё расходаў па аплаце за камунальныя паслугі ні капейкі фінансавых сродкаў. Дзякуючы эфектыўнаму выкарыстаню абсталявання дома, ашчаднасці жыхароў, памеры плат за камунальныя паслугі ў гэтым доме не перавышаюць памераў аплат для жыхароў дамоў эксплуатуемых арганізацыямі з атрыманнем дзяржаўных датацый, а ў некаторых выпадках – нават і ніжэй.

Але, пры, здаецца, яўных паспяховых прыкладах працы таварыстваў уласнікаў, масавага стварэння падобных таварыстваў у Магілёве не атрымалася, нават і сярод жыхароў дамоў зданых у эксплуатацыю ў апошнія гады, як у Магілёве, так і ва ўсёй краіне.

Дык чаму ж, пры, здаецца, наяўнасці рэальных магчымасцяў па рэфармаванню ЖКГ, за трынадцаць год зрухаў да лепшага так і не адбылося? Чаму праблемы, якія існавалі ў сферы ЖКГ на момант прыняцця Закона “Аб мясцовым домаўладанні”, нягледзячы на зацверджаную Урадам Канцэпцыю, распрацаваныя шматлікія праграмы ў сферы ЖКГ, на якія з дзяржбюджэта і іншых крыніц фінансавання выдзелены аграмадныя сродкі, не зменшыліся, а, наадварот, па некаторых накірунках яшчэ больш абвастрыліся? Аб чым, у першую чаргу, сведчыць тое, што згодна статыстычных справаздач Міністэрства ЖКГ узровень пакрыцця плацяжамі насельніцтвам  страт на прадастаўленне камунальных паслугаў знізіўся з 42,4% у 2005 да 25% у 2011, пры тым, што кошты камунальных паслуг для насельніцтва за гэтыя гады ўзраслі  ў дзесяткі разоў.

Як паказвае практыка, нягледзечы на тое, што больш 80% жылля з’яўляецца ўласнасцю жахароў, грамадзяне краіны так і не сталі сапраўднымі гаспадарамі свайго жылля. Адной з прычынаў гэтага з’яўляецца адсутнасць грамадска-прававых нормаў па кантролю грамадства за якасцю і колькасцю камунальных паслугаў і эканамічнай матывацыі для жыхароў ва ўпраўленні сваі жыллём. Першыя парасткі актывізацыі грамадзян па месцы жыхарства згодна Закона “Аб мясцовым самакіраванні”, праз стварэнне дамавых і вулічных камітэтаў, іншыя формы самаарганізацыі, намаганнямі чыноўнікаў былі зведзены на “не”. Бо ва ўзрастаючай актывізацыі насельніцтва існуючая ўлада пабачыла для сябе пагрозу.

Дайшло да таго, што  мясцовым выканаўчым і распарадчым ворганам дазволілі кантраляваць дзейнасць кампаній-забудоўшчыкаў і таварыстваў уласнікаў .  Аляксандр Лукашэнка з гэтай мэтай 14 кастрычніка 2010 г. падпісаў адпаведны ўказ № 538 “Аб некаторых пытаннях дзейнасці таварыстваў уласнікаў і арганізацый забудоўшчыкаў”. Згодна з дакументам, мясцовыя ўлады будуць ўзгадняць кандыдатуры на пасаду старшыняў праўленняў ТУ і арганізацый забудоўшчыкаў і выносіць на разгляд агульных сходаў пытанне аб спыненні паўнамоцтваў кіраўнікоў. Мясцовым уладам нават надаецца права прызначэння ўпаўнаважаных па кірванню нерухомасцю, калі па іх меркаваннях забудоўшчык  не забяспечваюць захаванасць, утрыманне і эксплуатацыю жылых дамоў.  Прыкрываючыся турботамі аб грамадзянах, улада практычна растаптала правы ўласнікаў на самастойнае кіраванне сваёй нерухомасцю.

Неабходнасць прыняцця  Указа ўлады паясняюць тым, што ТУ і забудоўшчыкі не заўсёды абслугоўваюць свае жылыя дамы ў адпаведнасці з нарматыўнымі прававымі актамі, не ўсе прыманыя імі рашэнні адпавядаюць заканадаўству. У выніку парушаюцца правы і свабоды грамадзян, якія пражываюць у дамах таварыстваў уласнікаў і арганізацый забудоўшчыкаў.Указ зацвердзіў патрабаванні да кіраўнікоў ТУ і забудоўшчыкаў, вызначае абавязкі старшыняў таварыстваў уласнікаў і арганізацый забудоўшчыкаў, а таксама патрабаванні да ўзроўню іх адукацыі. Кіраўнікі гэтых арганізацый абавязаны ажыццяўляць свае дзеянні толькі ў рамках заканадаўства, забяспечваць якаснае прадстаўленне жыллёва-камунальных паслуг, штомесячнае акумуляванне адлічэнняў на капітальны рамонт шматкватэрных жылых дамоў.

Старшыня павінен мець сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю (тэхнічную, эканамічную або юрыдычную), і яго кандыдатура павінна быць узгодненая мясцовым выканаўчым і распарадчым органам. Больш за тое кіраўнікі павінны праходзіць адпаведнае навучанне з наступным павышэннем кваліфікацыі не радзей за адзін раз на пяць гадоў.

Але ў той жа час да гэтай пары не вырашана праблема падрыхтоўкі кадраў для дзяржаўных ЖРЭУ, ЖЭСаў, іншых прадпрыемстваў.Навучальных установаў для падрыхтоўкі кадраў ЖКГ у краіне яўна недастаткова. Сітэма падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў у вучэбных камбінатах пры абласных упраўленнях ЖКГ састарэла і не адпавядае сучасным патрабаванням. У жыллёва-камунальных прадпрыемствах, асаліва на сяле і ў малых гарадах працуюць спецыялісты прыйшоўшыя сюды з розных галін вытворчасці без спецыяльнай падрыхтоўкі для працы ў сферы ЖКГ.

На думку чыноўнікаў Міністэрства ЖКГ у сувязі з тым, што стварэнне дробных на ўзроўні аднаго дома ўпраўленчых структур непазбежна прыводзіць да росту адміністрацыйна-упраўленчых расходаў на іх утрыманне і ўзнікае патрэбнасць у фармаванні інфраструктур для рэалізацыі функцый упраўлення, а таксама востра стаяць праблемы з прафесійным упраўленнем жылфонда, дэманапалізацыя жыллёвай сферы ў цяперашні час не толькі не вырашыла, а наадварот ускладніла бы сітуацыю і прывяла да павышэння расходаў на аплату жыллёва-камунальных паслуг. Хаця еўрапейскі досвед стварэння таварыстваў сведчыць аб магчымых аб’яднанях у адно таварыства ўласнікаў некалькіх дамоў.

Як бачым, улады розных узроўняў, пры наяўнасці разумення неабходнасці рэфармавання сферы ЖКГ, усялякімі спосабамі імкнуцца прытармазіць гэтыя працэсы.

У чым жа справа?

Па першае, пры пераводзе ЖКГ на новыя формы упраўлення і эксплуатацыі жыллёвага фонду па прыкладу заходнееўрапейскіх краін, адпадзе неабходнасць у шматлікіх чыноўніцкіх структурах  ад камунальных аддзелаў пры рай- і гарвыканкамах і да чыноўнікаў Міністэрства ЖКГ. А гэта тысячы чалавек, якія проста баяцца згубіць насіджаныя месцы працы.

Па другое, захаванне формы ўпраўлення і эксплуатацыі жыллёвага фонду праз дзяржаўныя эксплуатацыйныя ўстановы, дазваляе шматлікаму чынавенству ўмела хаваць свае недапрацоўкі і некампетэнтнасць, а часта проста і непрафісіяналізм у пытаннях эксплуатацыі аб’ектаў ЖКГ. Нярэдка бывае, што захаванне старых формаў эксплуатацыі застаецца выгодным для чыноўнікаў, каб схаваць факты карупцыі.

У звязку з Канцэпцыяй развіцця і рэфармавання ЖКГ на 2005-2010 гады было прынята шэраг праграмаў, выканнане якіх павінна было станоўча паўплываць на паляпшэнне якасці прадастаўляемых паслуг насельніцтву.

Так, Дзяржаўнай праграмай па водазабяспячэнню і водаадвядзенню “Чыстая вада” на 2006-2010 гады прадугледжвалася развіццё сісітэм водазабяспячэння і водаадвядзення, значнае паляпшэнне якасці пітной вады і ачысткі сцёкавых вод  ва ўсіх населеных пунктах краіны. На выкананне гэтай праграмы з розных крыніц фінансавання было выдзелена 625,8 млрд.руб., у тым ліку з дзяржбюджэту 407, 5 млрд.руб. Акрамя таго для будаўніцтва 9 ачыстных збудаванняў на тэрыторыі краіны ў 2008-2010 гадах, Сусветным банкам было выдзелена Ураду Беларусі 60 млн. дол. Але на працягу 2006-2010 гадоў якасць пітной вады ў бальшыні населеных пунктаў пагоршылась. Нават былы старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Зянон Ломаць, у сваім выступе на паседжанні Прэзідыума Савету Міністраў, якое адбылось 10 лістапада 2009 года, адзначыў факты пагаршэння якасці пітной вады ў некаторых рэгіёнах краіны.

З мэтай выканання мерапрыемстваў па павышэнню энэргаэфектыўнасці і павышэнню энэргабяспекі краіны Рэспубліканскай праграмай мадэрнізацыі сістэмы энэргазабяспячэння было прадугледжана на 2006-2010 гады фінансаванне больш 5 млрд. долараў. Але і гэтая праграма была праваленая. Нават Пастанова Савета Міністраў па выкарыстанню мясцовых відаў палівна-энэргетычных рэсурсаў не была паспяхова выканана. У выніку сабекошт адной Гкал. цяпла на мясцовых відах паліва аказаўся даражэй чым ад выкарыстання прыроднага газу.

Вось, напрыклад, як выглядае сабекошт рэалізаванай цеплавой энергіі па ўсіх кацельнях Шклоўскага УКП “Жылкамгас”. За 2007 год сабекошт адной Гкал на прыродным газе па дадзеным прадпрыемства склаў 144365 руб., а на дравяным паліве – 192704 руб. За першы квартал 2008 года  – на прыродным газе 152586 руб., на дравяным паліве 179078 руб. І гэта яшчэ пры тым, што вялікая частка затрат па нарыхтоўцы і транспарціроўцы дроў рознымі шляхамі адносіцца на іншыя камунальныя аб’екты. Падобная сітуацыя склалася на бальшыні прадпрыемстваў ЖКГ краіны.

Адной з прычын неэфектыўнасці выкарыстання мясцовых відаў паліва (МВП) з’яўляецца недасканаласць абсталявання распрацаванага для гэтых мэтаў. Так,напрыклад, катлы КВР-0,5-95 з ручной загрузкай, вытворчасці навукова-вытворчага прадпрыемства (НВП) “Белкатламаш” г.Бешанковічы па пашпартных дадзеных павінны мець каэфіцыент карыснага дзеяння (КПД) у памеры каля 87% (не меней 83%). Але, згодна выпрабавання па вызначэнню фактычнай велічыні каэфіцыэнта карыснага дзеяння катлоў працуючых на мясцовых відах паліва ў кацельных №2 і №3 Шклоўскага УКП “Жылкамгас” ад 20.05.2008 года, яго велічыня склала ад 43,1% да 49,4%. Выпрабаванні праводзілісь спецыялістамі Магілёўскага абласнога ўпраўлення па надзору за рацыянальным выкарыстаннем цепла-энэргетычных рэсурсаў і упраўлення ЖКГ Магілёўскага аблвыканкама ў прысутнасці кіраўніцтва Шклоўскага УКП “Жылкамгас”.

Дадзенае абсталяванне па сваёй эфектыўнасці наблізілася да паравозаў, выпускаемых яшчэ ў пачатку 20-га стагоддзя.

На пачатку 2000-х гадоў НВП “Белкатламаш” у межах Рэспубліканскай праграмы па энэргазберажэнню з дзяржаўнага бюджэту атрымала міліёны долараў на канструяванне і наладжванне вытворчасці катлоў дадзенай серыі. У выніку фінансавыя сродкі  былі выкарыстаны неэфектыўна, аб чым сведчаць вышэй прыведзеныя лічбы. За 2004 – 2009 гады на прадпрыемствы ЖКГ краіны былі пастаўлены сотні  катлоў тыпа КВР-0,5-95.

Занепакоенасць станам энэргазберажэння і нізкай вагой мясцовых відаў паліва ў агульным паліўна-энэргетычным балансе краіны выказаў і А.Лукашэнка ў час працоўнай паездкі ў Віцебскую вобласць 23 студзеня 2010 года. Ён адзначыў, што Ураду  неабходна рупліва заняцца пытаннем па больш рацыянальнаму выкарыстанню бюджэтных сродкаў. Пазіцыю рацыянальнага ўласніка павінны займаць усе – ад губернатараў да кіраўнікоў прадпрыемстваў, асабліва ў рэгіёнах. Але і тут усё закончылась проста размовай.

Сродкі, неэфектыўна патрачаныя на выкананне розных праграм, аграмадным цяжарам ляглі на плечы грамазян праз павышэнне коштаў на камунальныя паслугі.

Засталася не вырашанай праблема “хрушчовак”. Першыя серыі гэтых дамоў будаваліся на тэрмін эксплуатацыі 25 год. З цягам часу ўладамі было прынята рашэнне аб працягненні тэрміна эксплуатацыі да 50 год. Але і гэта ўжо зараз не спасае сітуацыю. Для некаторых “хрушчовак” першых серый і 50-гадовы тэрмін эксплуатацыі ўжо закончыўся, а ўлады на дадзены момант нават не маюць варыянта вырашэння дадзенай праблемы. Такіх дамоў у Беларусі дзесяткі, у тым ліку 5 такіх 5-павярховых дамоў, уведзеныя ў эксплуатацыю ў 1960-61 гадах, знаходзяцца ў Магілёве па вул.Чалюскінцаў і пр-ту Міра. За 50-гадовы тэрмін эксплуатацыі дадзеныя жылыя аб’екты дайшлі да аварыйнага стану. У многіх кватэрах ужо адваліліся балконныя пліты, і балконныя дзверы забіты дошкамі, сантэхніка, дашчатыя падлогі прыйшлі ў нягоднасць. Неаднаразовыя звароты грамадскасці горада, жыхароў дома да прадстаўнікоў гарадской, абласной улады, да дэпутатаў Нацыянальнага Сходу РБ аб сваіх жыллёвых праблемах, так і застаюцца без належнай увагі. І, нават, прапановы замежных інвестараў да гарадскіх уладаў аб далучэнні да вырашэння дадзеных праблемаў, да гэтай пары застаюцца не пачутымі.

Дык усё ж такі, прыватызацыя ЖЭСаў, гэта паўмера ці выйсце? Адназначна – гэта выйсце з той сітуацыі, у якой зараз апынулась уся ЖКГ краіны. Але паралельна з прыватызацыяй і стварэннем прыватных арганізацый па распараджэнню і ўпраўленню жыллёвым сектарам, неабходна правядзенне шэрагу рэформаў у розных накірунках.

Асноўны з іх – гэта пераход на новую сістэму аплаты камунальных паслугаў. Адной з задачаў Канцэпцыі развіцця ЖКГ, па планах уладаў, з’яўляецца  пераход да 2015 на 100% пакрыццё насельніцтвам сабекошту камунальных паслугаў. На першы погляд у дадзеным рашэнні ёсць здаровы сэнс, бо ў цяперашні час 75% затратаў пакрываецца за кошт бюджэту. Але ж зноўку ўзнікае пытанне. А што ж такое бюджэт, як адбываецца яго напаўненне?

У напаўненні бюджэту ўдзельнічае ўсё насельніцтва краіны. Гэта ў асноўным разнастайныя падаткі насельніцтва, як яўныя, так і прыхаваныя, падаткі прадпрыемстваў, на якіх працуюць нашыя грамадзяне, іншыя разнастайныя плацяжы. А вось у плане карыстання бюджэтнымі сродкамі прагледжваецца цікавая сітуацыя. У найлепшым палажэнні тут знаходзяцца найбольш багатыя грамадзяне краіны, тыя, хто мае ва ўласнасці або карыстанні па некалькі кватэр, або кватэры з вялікімі жыллёвымі плошчамі, падключаныя да камунальных выгод. Зразумела, што ў гэты разрад уваходзіць і шматлікая армія чыноўнікаў, у тым ліку і тыя, што прымаюць рашэнні па рэфармаванню сферы ЖКГ. І, што парадаксальна, найменш выдзяляецца сродкаў з бюджэту на пакрыццё сабекоштаў камунальных паслугаў бяднейшым слаям насельніцтва, сацыяльна найменш абароненым, тым, хто жыве ў маленькіх кватэрах, у сваіх прыватных дамах, непадключаных да камунальных выгод, асабліва – ў сельскай мясцовасці.

Адназначна, уладам неабходна тэрмінова змяніць падыход да сістэмы аплаты працы ў краіне. Праз адмену разнастайных прыхаваных падаткаў і плацяжоў, якія папаўняюць бюджэт краіны з мэтай пакрыцця коштаў камунальных паслугаў, вярнуць гэтыя сродкі непасрэдна грамадзянам. Дадзены крок і дазволіць адначасова перайсці на 100% аплату насельніцтвам камунальных паслугаў.

Гэта ўсё, паралельна  са спрыяннем фармаванню грамадзянскай супольнасці па месцы жыхырства згодна Закона “Аб мясцовым самакіраванні”, фармаванню канкурэнтнага асяроддзя праз стварэнне прыватных прадпрыемстваў і прывядзе да ўтварэння сапраўднага рынку жылля, з улікам яго якасці, месцараспалажэння і т.д., дазволіць мінімалізаваць карупцыю ў сферы ЖКГ, значна скараціць шматлікі апарат чыноўнікаў, знізіць сабекошт камунальных паслугаў. Без тэрміновага вырашэння існуючых у сферы ЖКГ краіны праблемаў, сітуацыя наблізіцца да крытычнай, з магчымымі катастрофамі. Бо, напрыклад, на сённяшні дзень адставанне па капітальнаму рамонту жыллёвага фонду

ў краіне пры цяперашніх тэмпах складае 200 год.

Беларускія ўлады, нарэшце, павінны зразумець, што грамадзяне Беларусі здольныя самі вырашаць свае жыллёвыя патрэбы. Для вывядзення ЖКГ з крытычнай сітуацыі, уладам краіны неабходна прыняць тэрміновыя меры:

  1. Прыступіць да пераразмеркавання сродкаў накіроўваемых з дзяржаўнага бюджэту. Ліквідаваць Міністэрства ЖКГ, скараціць ад 50% да 100% абласныя, гарадскія, раённыя упраўленні і аддзелы ЖКГ. Вызваленыя сродкі накіроўваць на мадэрнізацыю і рамонт аб’ектаў ЖКГ.
  2. З мэтай эфектыўнай эксплуатацыі аб’ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі Савету Міністраў РБ распрацаваць і ажыццявіць праграму падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў.
  3. Савету Міністраў РБ, Мінскаму гарадскому камітэту, абласным выканаўчым камітэтам, раённым і гарадскім камітэтам у абласцях прыступіць да распрацоўкі праграм па энэргазберажэнню, прадставіць дадзеныя праграмы грамадству для абмеркавання. Асаблівую ўвагу ўдзяліць прымяненню новых тэхналогій энэргазберажэння, выкарыстання мясцовых відаў паліва з распрацоўкай тэхналогій іх нарыхтоўкі і транспарціроўкі.

Пры распрацоўцы праграм па энэргазберажэнню ўлічваць напрацаваны досвед замежных спецыялістаў. Арганізаваць навучанне спецыялістаў ЖКГ сусветнаму досведу ў пытаннях энэргазберажэння.

4.На ўзроўні заканадаўства Рэспублікі Беларусь забяспечыць магчымасці развіцця канкурэнцыі ва ўпраўленні жыллёвым фондам і прадастаўленні жыллёва-камунальных паслуг для далейшай поўнай прыватызацыі арганізацый і прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, спрыяць фармаванню асацыяцыяў ТУ і іншых прыватных кампаній, абмену досведам паміж гэтымі арганізацыямі.

5.Рэфармаваць сістэму фінансавання капітальнага рамонта жылых дамоў з увядзеннем асобнага ўліку паступіўшых фінансавых сродкаў   па кожным доме з залічэннем іх на рахунак з пачатку ўвядзення дадзеных плацяжоў.

  1. Ураду краіны падрыхтаваць план мерапрыемстваў па прыцягненню інвестыцый, накіраванне бюджэтных сродкаў, прыцягненне сродкаў прадпрыемстваў і насельніцтва ў камунальную гаспадарку з мэтай тэрміновага вырашэння праблемы “хрушчовак”, іншых аварыйных дамоў.

7.Мінскаму гарадскому, абласным выканаўчым камітэтам арганізаваць абследванне сістэм ацяплення, водазабяспячэння, каналізацыі, ліфтавай гаспадаркі з мэтай атрымання рэальнай сітуацыі па стану дадзеных сістэм. Па выніках абследвання распрацаваць планы па іх рамонту і рэканструкцыі на перыяд 2011-2015 гады.

8.Нацыянальнаму Сходу РБ, Саветам дэпутатаў розных узроўняў, выканаўчым камітэтам стварыць спрыяльныя ўмовы для фармавання і дзейнасці грамадскіх арганізацый і фармаванняў па месцы жыхарства. Забяспечыць магчымасці для цеснага супрацоўніцтва жыллёва-камунальных арганізацый з грамадскімі арганізацыямі і фармаваннямі па месцы жыхарства. Прыцягваць іх да ўдзелу ў конкурсных камісіях на заключэнне дагавароў па тэхнічнаму абслугоўванню і  рамонту жыллёфага фонду і кантролю за выкананнем заключаных дагавароў.

  1. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняць меры па замарожванню да 2015 года (тэрміну пераходу на 100% пакрыццё насельніцтвам сабекошту камунальных паслуг) тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва, арганізаваць рэгулярнае інфармаванне насельніцтва праз СМІ аб парадку фармавання гэтых тарыфаў па кожнаму камунальнаму аб’екту.

Паніжэнне сабекошту жыллёва-камунальных паслуг дасягаць за кошт рэфармавання і мадэрнізацыі інфраструктур  ЖКГ.

Распрацаваць і ажыццявіць да 2015 года новую сістэму аплаты працы, з перанакіраваннем сродкаў паступаючых у дзяржбюджэт з мэтай пакрыцця паслугаў ЖКГ у фонды заработнай платы і сацыяльныя фонды.

  1. Ураду краіны падрыхтаваць праграму скіраваную на правядзенне навукова-тэхнічнай і эканамічнай палітыкі ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы з прыцягненнем да іх рэалізацыі навуковых, навукова-даследчых і акадэмічных устаноў і арганізацый.
  2. Нацыянальнаму Сходу, Савету Міністраў РБ, Саветам дэпутатаў розных узроўняў, выканаўчым камітэтам увесці ў практыку паквартальнага падвядзенне вынікаў выканання праграм і планаў развіцця і рэфармавання устаноў, арганізацый і аб’ектаў  жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

 

Р. Кастусёў

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *