“Грамадскі магістрат” абмеркаваў падатак на аўтамабілі і стан дарог у Магілёве

17 траўня адбыўся  круглы стол грамадскай ініцыятывы, які быў прысвечаны набаленай для магілёўцаў праблеме стану дарог.

Напярэдадні было праведзенае сацыялагічнае апытанне ў сацыяльных сетках. Згодна ягонаму выніку магілёўцы лічаць, што сродкі на рамонт дарог выкарыстоўваюцца неэфектыўна. Такі адказ далі 70% апытаных (агулам прыняло ўдзел 753 чалавекі, 20% паводле апытання не могуць адказаць на гэтае пытанне).

Як паведамляюць магілёўскія гісторыкі, у 17 стагоддзі нямецкі пасол казаў, што дарогі ў Магілёве лепшыя, чым у Нямеччыне, аднак ужо ў ХХІ стагоддзі Магілёву, каб прывесці іх у належны стан, пры існуючых аб’ёмах фінансавання, патрэбна 300 год.

Паводле эксперта Магістрату к.э.н. Пятра Мігурскага за апошнія 20 год інтэнсіўнасць дарожнага руху ў Магілёве павялічылася ў 2 разы, а колькасць аўтамабіляў вырасла ў 6 разоў. Тым часам вуліцы горада ўжо цалкам забіты машынамі. Агульная колькасць аўтамабіляў у горадзе складае каля 165 тысяч адзінак.

У Магілёве сходзіцца 11 дарог, аднак аб’яздное кальцо вакол горада не завершана і таму грузавыя аўтамабілі вымушаны ехаць праз горад, ствараючы для асфальтавага пакрыцця дадатковую нагрузку, што прыводзіць яго да разбурэння.

 

Найбольшыя праблемы з пробкамі ўзнікаюць на ўчастках дарог на пр-це Міра, Пушкінскім пр-це, вул. Першамайскай, вул. Чалюскінцаў.

Аналіз сітуацыі паказаў, што сур’ёзныя праблемы з дарогамі пачаліся пасля ліквідацыі дарожных фондаў. У часы СССР рамонт дарог фінансаваўся з адмысловага дарожнага фонда, аднак пасля гэты падатак быў скасаваны.

Магілёўскія дарогі пачынаючы з 90-х сістэмна рамантаваліся і на дадзены момант патрэбен рамонт 80% дарог, з іх 20% дарог маюць патрэбу ў капітальным рамонце.

Па падліках эксперта Пятра Мігурскага ў Беларусі ў выніку ўвядзення новага падатку на “допуск да дарожнага руху”  будзе сабрана каля 1,6 трыльёны рублёў.  Магілёўшчына папоўніць бюджэт усяго 100 мільярдамі, з іх горад атрымае толькі 23 мільярды рублёў. Гэтых сродкаў хопіць толькі на тое, каб капітальна адрамантаваць 3 кіламетры дарог у год.

Для таго, каб рамонт дарог у горадзе адбываўся дынамічна, неабходны сумы на рамонт дарог у памеры 70 мільярдаў у год.

Пётр Мігурскі адзначыў, што ў сувязі з недахопам фінансавання, недарамантаванымі ў горадзе застаюцца 33 вуліцы, а дакументы на прыёмку дарог адказныя людзі адмаўляюцца падпісваць.

У 2013 годзе планавалася адрамантаваць 210 тысяч квадратных метраў дарожнага пакрыцця, аднак па факту рамонт быў зроблены ўсяго на 138 тысячах квадратных метраў.

Эксперт таксама паведаміў, што на ямачны рамонт 1 кв. м. дарогі затрачваецца ад 10-33 долараў. У той жа самы час на капітальны рамонт 1 кв. м. дарогі трэба выдаткаваць каля 120 долараў.

Сябра Магістрату Зміцер Салаўёў адзначыў, што акрамя падатку на аўтамабілі ў краіне дзейнічае яшчэ адзін падатак, які называецца «дарожны акцыз». Ён бярэццацца з кожнага набытага літра паліва і складае каля 2 тысяч рублёў.

Дарожны акцыз прапісаны ў Падаткавым кодэксе, аднак грашовыя паступленні ад яго выкарыстоўваюцца не мэтава на рамонт дарог, а ідуць на іншыя патрэбы, якія не вядома ў чым заключаюцца.

Пасля абмеркавання стану магілёўскіх дарог і падатку на аўтамабілі, сабраўшыяся прыйшлі да высновы, што новы падатак ніяк не паўплывае на рамонт дарог унутры горада, бо пры апісанні падатку сказана, што ён будзе ўзымацца толькі для рамонту магістральных дарог і іх працягу ў гарадах.

Акрамя таго, 50% сумы сабранага падатку пералічваецца ў рэспубліканскі бюджэт, а 50% застаецца ў вобласці. Менш за палову ад гэтай сумы пойдзе на рамонт дарог, якія прымыкаюць да горада.

Каб палепшыць стан гарадскіх дарог “Грамадскі магістрат” прапануе ўладам:

1) Завершыць будаўніцтва аб’яздной дарогі вакол Магілёва і размясціць уздоўж кальца пэўную колькасць бензаправак, каб аўтатранспарт не ішоў транзітам праз горад і не ехаў бліжэй да горада запраўляцца;

2) Распрацаваць механізм для стымулявання працы рабочых дарожных арганізацый, каб яны якасна і ў адпаведнасці з тэхналогіямі выконвалі сваю працу;

3) Здзяйсняць незалежную экспертызу пры закупцы будаўнічых матэрыялаў для рамонту дарог, а таксама рабіць прыёмку дарог незалежнымі экспертамі;

4) Мэтава выкарыстоўваць падатак на аўтамабілі і дарожны акцыз;

5) Наладзіць маніторынг пытання і праводзіць грамадскія слуханні па дадзенай праблеме;

6) Абавязаць дэпутатаў мясцовых Саветаў удзельнічаць у працы камісій па прыёмцы дарог пасля рамонту, якія размяшчаюцца на іх тэрыторыі;

7) Стварыць грамадскую арганізацыю/ініцыятыву, якая бы абараняла правы і інтарэсы грамадзян на якасныя дарогі.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *