Грамадскасць Магілёва просіць мясцовых дэпутатаў не спяшацца з перайменаваннем Савецкай плошчы.

Прадстаўнікі магілёўскай грамадскасці, якія гуртуюцца ў ініцыятыву «Грамадскі магістрат», прапануюць гарсавету не спяшацца з перайменаваннем Савецкай плошчы. На паседжанні Магістрату 28 чэрвеня была прынятая рэзалюцыю з заклікам да дэпутатаў правесці мясцовы рэфэрэндум, на які і вынесці пытанне пра перайменаванне найстарэйшага пляцу ў горадзе. Замест прапанаванай уладай новай назвы — плошча Славы — «Грамадскі магістрат» прапануе сваю: Ратушная плошча.

30 чэрвеня адзін з заснавальнікаў «Грамадзкага магістрату» Зміцер Салаўёў занёс у сакратарыят гарсавету рэзалюцыю слуханняў. Падпісанты спадзяюцца, што яе зачытаюць на сесіі гарсавету, якая адбудзецца 1 ліпеня, і дэпутаты прыслухаюцца да меркавання грамадскасці.

«Назва „плошча Славы“ не абгрунтаваная і недарэчная, — тлумачыць сваю пазыцыю „Грамадскі Магістрат. — Мы ж прапануем назву, якая пры любым палітычным рэжыме не будзе выклікаць у грамадскасці незадаволенасці. Назва плошчы «»Ратушная — абсалютна нейтральная. Акрамя таго, цяпер на плошчы дамінуе будынак Ратушы, адсюль і назва плошчы».

Ініцыятар паседжання «Грамадскага магістрату», прысвечанага пытанням захавання гістарычнай спадчыны Магілёва, у тым ліку і перайменаванню найстарэйшай плошчы горада, Ігар Барысаў лічыць, што даўно наспела патрэба пазбаўляцца ад «савецкіх назваў». Пры гэтым актывіст адзначае:

«Чыноўнікі нешта прапануюць, але зноў атрымліваецца, што назвамі ўшаноўваюцца толькі падзеі Айчынай вайны. Крыўдна, што не вяртаецца спрадвечнае магілёўскае. Адбываецца прыстасаванне новага пад старое савецкае. Мо’ чыноўнікі гэтак хочуць застацца ў гісторыі».

Сябра тапанімічнай камісіі пры Магілёўскім гарвыканкаме, гісторык Ігар Пушкін зазначыў, што галасаваў супраць прапановы пераназваць Савецкую плошчу ў плошчу Славы:

«Гэтая назва ніяк не пасуе да плошчы. Гэта наватвор. Такая назва можа быць, але нам неабходна вызначыцца. Калі мы вяртаем гістарычныя назвы гарадскім вуліцам, то гэтая плошча павінна называецца Гандлёвай, падабаецца гэта каму ці не, — даводзіць гісторык. — Цяпер нічога на плошчы не нагадвае пра гандаль. Гандлёвых радоў няма. Пабудаваны мэмарыяльны комплекс зішчыў тое, што там было і што можна было аднавіць».

Пакуль перайменаваць плошчу пастанавілі прэзідыюмы гарвыканкаму і гарсавету. Зацьвердзіць рашэнне павінны дэпутаты на сесіі гарсавету. Старшыня гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў яшчэ месяц таму заявіў, што збіраецца абвясціць пра перайменаванне Савецкай плошчы ў плошчу Славы 3 ліпеня.

Тым не меньш, Магістрат лічыць, што да меркавання магілёўцаў і спецыялістаў варта было б прыслухацца і не паспяшаць.

 

РЭЗАЛЮЦЫЯ

Грамадскіх слуханняў

аб перайменаванні Савецкай плошчы ў “плошчу Славы”

 

Мы, жыхары Магілёва, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і ініцыятыў, выступаем супраць таго, каб Савецкая плошча горада была перайменавана ў “плошчу Славы”.

У гэтым пытанні нельга спяшацца і падладжваць перайменаванне плошчы пад нейкую дату. Трэба, каб назва стала сапраўды народнай і не выклікала супярэчлівых пытанняў у гараджан.

Мы лічым, што рашэнне аб перайменаванні цэнтральнай плошчы горада павінна адбывацца пасля шырокага грамадскага абмеркавання, з удзелам усіх зацікаўленых грамадскіх арганізацый, палітычных партый і звычайных грамадзян. Як адзін з варыянтаў вырашэння гэтага пытання – прапануем правядзення мясцовага рэферэндума.

Мы ўхваляем ініцыятыву гарадскога кіраўніцтва па вяртанні гораду гістарычных назваў вуліц і плошчаў і адзначаем, што назва “плошча Славы” не адпавядае зместу цяперашняй Савецкай плошчы. У розныя часы плошча называлася Гандлёвай, Губернатарскай, Думскай, Свабоды, аднак ні адна з гэтых назваў ужо не можа ў поўнай меры перадаць атмасферу цяперашняй плошчы. Пасля таго, як была адбудавана Ратуша, плошча набыла новае аблічча.

Мы лічым, што назва “плошча Славы” бязлікая і кантрастуе з Ратушай, якая знаходзіцца там. “Плошча Славы” – гэта спроба ўшанаваць толькі адзін перыяд 750-гадовай гісторыі горада.

Таму, мы прапануем разглядзець варыянт назвы цяперашняй Савецкай плошчы – Ратушная плошча, бо цяперашні яе абрыс фарміруе Ратуша, якая стала сімвалам Магілёва.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *