Сябры «Грамадскага Магістрату» праводзяць кампанію «За чысціню паветра»

У Магілёве грамадскія актывісты пры падтрымцы ініцыятывы «Грамадскі Магістрат» сабралі больш за тысячу подпісаў у рамках экалагічнай кампаніі «За чысціню паветра».

 

«Патрабаванне, пад якім падпісваюцца грамадзяне, – пачаць грамадскія слуханні па пытаннях дрэннага стану экалогіі ў Магілёве», – кажа ініцыятар кампаніі Алег Аксёнаў. Збор подпісаў у межах кампаніі пачаўся ў канцы траўня, пасьля абмеркавання праблемы на адным з паседжанняў Магістрату.

 

Акрамя таго, актывісты раздаюць мясцовым жыхарам інфармацыйныя бюлетэні на экалагічную і іншую тэматыку, у якіх ёсць тэлефон гарачай лініі. Яны прапануюць магілёўцам звяртацца, выкарыстоўваючы яго, па хвалюючых пытаннях грамадскага жыцця горада.

 

У канцы чэрвеня была пададзеная заяўка ў Магілёўскі гарвыканкам аб правядзенні 6 ліпеня пікету, каб звярнуць увагу ўладаў і грамадскасці на экалагічныя праблемы абласнога цэнтра. Аднак, як паведаміў Аксёнаў, гарвыканкам не дазволіў акцыю пратэсту, матываваўшы гэта указаннем не таго месца правядзення, дзе ў горадзе дазваляюцца падобныя мерапрыемствы, – стадыён каля ДК завода штучнага валакна імя Куйбышава па вуліцы Чалюскінцаў.

 

«Калі мы падавалі заяўку, то пазначылі месцам правядзення «пляцоўку насупраць Драматычнага тэатра, або любое вамі выбранае месца». А ў адказе прыйшло, што забараняем з-за таго, што пазначылі не тое месца, якое дазваляем. Нонсэнс. Мы ж напісалі – якое дазволіце, на тое і згодныя. Адмыслова такая фармулёўка была выкарыстана. Не, усё роўна забаранілі», – канстатаваў грамадскі актывіст.

 

Ён паабяцаў, што на працягу тыдня сябры аргкамітэту кампаніі пачнуць раздачу ў Магілёве улётак на тэму экалогіі горада. Акрамя таго, прыблізна праз паўтары – два тыдні запланавана правядзенне «экалагічнага» круглага стала грамадскай ініцыятывай «Грамадскі магістрат». «Гэты круглы стол стане пачаткам падрыхтоўкі да грамадскіх слуханняў па экалогіі Магілёва. Калі ўлады не захочуць праводзіць гэтыя слуханні, то мы правядзем іх самі», – заявіў Аксёнаў.

 

Паводле яго слоў, удзел у круглым стале возьмуць незалежныя эколагі.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *