Магілёўцы і беларуская мова. Нататкі з круглага стала

Нягледзячы на ўсе высілкі, якія прыймаюць ў апошнія гады грамадскія актывісты, нават пры той-сёй дапамозе улад, стан беларускай мовы ў Магілёве мала ў чым палепшыўся. Такую выснову можна зрабіць пасля круглага стала «Мова як сацыяльна-культурный складнік жыцця магілёўцаў», які прайшоў у грамадскім цэнтры «Кола» 8 снежня.

Мерапрыемства было арганізавана грамадскай ініцыятывай «Грамадскі магістрат» і ўдзел у ім прынялі каля 15 чалавек. Вялі круглы стол старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы (ТБМ) Міхась Булавацкі і гісторык Аляксандр Агееў.

У прамове Булавацкага быў зроблены невялікі экскурс у гісторыю, а менавіта ў канец 80 – пачатак 90- гадоў мінулага стагоддзя, калі ў Магілёве з“явілася ТБМ і пачаўся невялікі па часе перыяд адраджэння беларускамоўнай адукацыі і распаўсюду беларускай мовы ў грамадскім жыцці.

Аднак пасля рэферэндуму 1995 года працэс папулярызацыі беларускай мовы ў горадзе, як і ва ўсёй краіне быў не толькі спынены – пачаўся перавод беларускіх класаў на рускую мову навучання. У выніку напачатку 2000-х гадоў у Магілёве беларускамоўнай адукацыі ў школах і дашкольных установах ужо не існавала. Разам з тым спробы адрадзіць яе прадпрымаліся. Так, напрыканцы дзесятых гадоў у садку на Дняпроўскім бульвары існавала невялічкая беларускамоўная група. А потым у СШ №1, з“явілася першая беларускамоўная вучаніца Ялінка Салаўёва. Намаганнямі ТБМ, і ў першую чаргу старшыні яе Магілёўскай гарадской арганізацыі Алега Дзячкова, ужо некалькі год у СШ №1 і СШ №34 ёсць беларускамоўныя класы, існуюць асобныя групы ў дзіцячых садках.

Са станоўчага боку выступоўцамі была адзначана дзейнасць яшчэ не так даўно працаваўшага ў Магілёве на розных пасадах цяперашняга намесніка главы адміністрацыі прэзідэнта Андрэя Кунцэвіча. Ён, паводле ўдзельнікаў круглага стала, спрыяў большаму распаўсюду беларускай мовы ў Магілёве, і не толькі ў галіне адукацыі.

Нажаль, карэнным чынам сітуацыя з беларускамоўем ў Магілёве не палепшылася. Паводле журналіста Алеся Асіпцова, беларускамоўная адукацыя ў горадзе знішчана, і праблемы, якія стаяць перад дзецьмі, якія вучацца па-беларуску, і іх бацкамі не вырашаюцца. Сярод іх – праблема з настаўнікамі-прадметнікамі, не навучанымі выкладаць свае прадметы на беларускай мове.

На круглым стале прагучала сцвярджэнне, што на вуліцы не сустрэш чалавека, які размаўляе па-беларуску. Праяваў агрэсіўнага стаўлення да беларускага слова стала менш, але яны па-ранейшым сустракаюцца ў грамадстве. Таксама існуе даволі моцнае супраціўленне беларускай мове з боку мясцовых чіноўнікаў.

Па выніках круглага стала яго ўдзельнікі прынялі адпаведную адозву, якая пасля некаторых удакладненняў будзе накаіравана ў Магілёўскі гарвыканкам.

Уладзімір Лапцэвіч,  Фота Алеся Сабалеўскага, 6tv.by

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *