ГРАМАДСКАСЦЬ МАГІЛЁВА ВЫЗНАЧЫЛА ЧАЛАВЕКА І ПАДЗЕЮ 2015 ГОДА

Магілёўскі “Грамадскі магістрат” назваў гісторыка Аляксандра Агеева чалавекам 2015 года, а галоўнай падзеяй – усталяванне памятнай дошкі ў гонар тэатральнага і грамадскага дзеяча Валянціна Ермаловіча.

Вызначэнне пераможцаў адбылося 28 студзеня ў магілёўскім антыкафэ “Паддашак” у гонар чарговай гадавіны давання гораду Магдэбургскага права. 28 студзеня 1577 года кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый даў гэтае права продкам цяперашніх гараджан, падкрэслівалі арганізатары мерапрыемства.

Як паведаміў вядучы мерапрыемства гісторык Ігар Пушкін, 1 лютага на сесіі гарадскога савета адно з пытанняў будзе тычыцца Магдэбургскага права і яго традыцый у Магілёве. “Таму ёсць надзея, што, магчыма, дата 28 студзеня ўвойдзе ў каляндар знамянальных дат горада”, – сказаў ён.

Пушкін падкрэсліў, што грамадская ініцыятыва “Грамадскі магістрат” не проста успамінае пра Магдэбургскае права, але і папулярызуе еўрапейскія традыцыі самакіравання, еўрапейскія традыцыі самадастатковага чалавека, які сам можа нешта рабіць у сваім горадзе і адчувае за яго адказнасць. “Мы выбіраем падзеі, звязаныя з салідарнасцю магілёўцаў, – тое, што робіцца не за зарплату, а тое, што робіцца ад душы на карысць грамадству”, – сказаў гісторык.

Сябр “Грамадскага магістрату” Алесь Сілкоў лічыць, што дзень 28 студзеня мусіць стать святочным у Магілёве. Пры гэтым ён нагадаў, што ў 2015 годзе круглыя сталы на тэму Магдэбургскага права былі праведзеныя ў тых раённых цэнтрах вобласці, якія калісьці мелі яго. “Каб Чавусы, Шклоў, Бялынічы, Горкі, Крычаў і іншыя разумелі, што ў іх ёсць вялікая гісторыя”, – падкрэсліў грамадскі дзеяч.

 

Пра тое, што ўганараваннем тых, хто адзначыўся сучасныя магілёўцы працягваюць традыцыі продкаў, распавёў актывіст “Грамадскага магістрату” Зміцер Салаўёў. “У гісторыі магілёўскага магістрата было такое, што на Вялікдзень, яны адзначалі лепшых магілёўцаў. “Грамадскі магістрат” працягвае гэтую традыцыю, якая стагоддзямі заклалася ў Магілёве”, – адзначыў ён.

Вызначэнне падзеі і чалавека года паводле традыцыі складаецца з трох частак. Спачатку студэнты-сацыёлагі з Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.Куляшова вызначаюць па пэўных крытэрыях падзеі і персаналіі, што найбольш часта згадваюцца ў СМІ, затым праходзіць галасаванне ў інтэрнэце, а пасля свае меркаванні выказваюць члены “Грамадскага магістрата”. Пераможцам становіцца той чалавек і тая падзея, якія атрымаюць большасць галасоў.

Падзеяй 2015 года ў Магілёве, згодна з версіяй грамадскасці, прызнанае ўсталяванне памятнай дошкі ў гонар тэатральнага і грамадскага дзеяча Валянціна Ермаловіча. Дошка была ўстаноўленая 4 верасня на доме № 46 на вуліцы Першамайскай. Там на працягу 50 гадоў жыў заслужаны работнік культуры БССР, акцёр і рэжысёр.

Гэта даніна памяці Ермаловічу, якая павінна была ў нешта ўвасобіцца, заявіў ініцыятар і арганізатар збору сродкаў на выраб дошкі філолаг Яраслаў Клімуць. “Ён з намі назаўжды і з’яўляецца прыкладам таго, як трэба любіць сваю радзіму, шанаваць беларускае слова, і не проста шанаваць, але і змагацца за яго ўсімі інтэлігентнымі спосабамі, таму што ён быў інтэлігент”, – сказаў Клімуць, атрымліваючы ганаровую грамату.

Чалавекам 2015 года назвалі гісторыка Аляксандра Агеева, які быў ініцыятарам і натхняльнікам ўстанаўлення беларускамоўных назваў на прыпынках грамадскага транспарту, арганізатарам спектакля паводле твора Святланы Алексіевіч “Час сэканд-хэнд”, сродкі ад якога пайшлі на выраб мемарыяльнай дошкі Ермаловічу, кіраўнік клуба падарожжаў “Чароўны ўспамін “.

“У Магілёве робіцца вельмі шмат. Толькі ў шорт-лісце падзей года ў “Грамадскага магістрата” было больш за 50 пунктаў”, – сказаў Аляксандр Агееў, падкрэсліўшы, што і іншыя намінанты былі вартыя звання чалавека года, і пажадаў ім перамогі ў будучыні.

gazetanm.eu