Дэсаветызацыя Магілёва, ці што рабіць з назвамі вуліц

Каля дзясятка грамадскіх актывістаў і навукоўцаў прынялі ўдзел у круглым стале “Дэсаветызацыя і захаванне гістарычнай і культурнай спадчыны Магілёва”.

Мерапрыемства прайшло 24 кастрычніка ў грамадскім цэнтры «Кола» пад эгідай ініцыятывы «Грамадскі магістрат». Паводле яго прадстаўніка, які адкрыў круглы стол, Зміцера Салаўёва, да вяртання гістарычных назваў вуліцам і плошчам гораду трэба рыхтавацца ўжо зараз, хоць гэта і можа камусьці падацца заўчасным.

Яго думку працягную кандыдат гістарычных навук Ігар Пушкін, які назваў дэсаветызацыю магілёўскай тапанімікі адной з найважнейшых спраў на бліжэйшы час.

Паводле гісторыка, данае мерапрыемства рыхтавалася на канец жніўня – пачатак верасня Цэнтральнай гарадской бібліятэкай, але не было падтрымана ўпраўленнем культуры Магілёўскага гарвыканкама. На думку чыноўнікаў, няма чаго абмяркоўваць, якім чынам захоўваецца гістарычная і культурная спадчына ў Магілёве. «Але мне здаецца, што дэсаветызацыя – гэта адна з галоўных задач, якая стаіць перад намі, перад грамадскасцю», – заявіў гісторык. Read more